Урывак з кнiгi Iгнацiя Ходзька. «Берагi Вiлii

Brzegi Wilii.

Свой пачатак Вялля бярэ на мяжы Барысаўскага павету,  вузкім і раўнінным рэчышчам плыве некалькі міль на поўдзень, але неўзабаве межыя рэчкі, быццам яе малодшыя сяброўкі, падбягаюць з бакоў, бярэ яна іх пад рукі і разам плывуць яны да Нёмана, з якім яднаюцца пад Коўнам у шлюбным сямейнам адзінстве.

Адной з такіх буйнейшых сябровак Вяллі, якая асабліва прыпадае да нашых вясковых ваколіц, з’яўляецца рэчка Нарач. Выплывае яна з возера той самай назвы, найбольшага ў нашым краі, і плыве так на поўдзень, міль праз дзесяць сустракаючы Вяллю. Чыстая па мелкім пяшчаным рэчышчы, яна нясе свае воды ў шпаркім і пакрутастым цячэнні ля прыбяржніх весак. Шмат сенажацей стварае яна і нават пражытак, часам заходзячы ў цемныя лясы, весяліць і ажыўляе лясное наваколле.

Калі вясной сыходзіць лёд, шуміць і шырока разліваецца Нарач. Тады найбольшыя шчупакі выплываюць з возера, гуляюць у яе пеністых плынях і далёка аддаляюцца ад родных плёсаў, да якіх вяртаюцца, калі прыйдзе ім ахвота. Падпільнаваўшы іх ў тую хвяліну весялосці, хлопец не аднойчы злавіў ў бучу вялізнага госця, якога ледзь на плячах змог панесці.

Вузкі і даўгі паўвостраў выступае паміж дзвюх рэк у месцы іх злучэння, сціснуты двума воднымі рукавамі ўзаемна, гвалтам іх раздзірае. Узгорак на паўвостраве, паросшы магутнымі дубамі, пануе над той ваколіцай, прарэзаны трыма шляхамі рэк, з якіх два імкнуцца да яго з супрацьлеглых бакоў, а трэці з дзвюх рэк зліты, шырэйшым і найцудоўным муртам яго аплывае.

Неаднойчы падчас летняй цеплай і цемнай ночы, адміжаваны ракой ад узгорка, здзіўлена заўважаў я здалёк разкладзены там агонь, які знянацку павялічваўся і пашыраўся ў сваім бляску альбо знікаў ў зацемку дубоў, гэткіх велічэзных нерухомасцей. Паміж імі мільгалі дзіўныя чалавечыя постаці, то клубамі дыму аточаныя, то разчырвоненыя каля вогнішча... Неверагоднае нейкае відовішча, у асаблівым і неразгаданным занятку і руху... Урэшце цэлая тая зграя чарцей разбіваецца натрое, дзеліцца па рэках... паволі агні аддзяляюцца, бліскаючы штораз слабей па вазде. Неузабаве ўсе знікае... прападае!!!

Відовішча тое, якога б спалохаўся прымхлівы хлапец, калі б не ведаў дакладна яго прычыну, да якога не аднойчы з задавальненнем сам прыглядаўся, ёсць проста начная выправа на лоўлю шчупакоў; тыя, прывабленыя бляскам огня, набліжаюцца да чоўнаў, дзе іх лягчэй заўважыць рыбаку, і гінуць пад яго восцямі.
Як толькі месяц у поўні кіне на зямлю ясны прамень, адлюстраваны і дрыготкі ў руках, і чыстым і лагодным святлом ахіне зямлю, у той жа час ваколіца тая насычаецца нявыказнай прывабнасцю і сваёй прыгажосцю. Асабліва мясцовыя дабыткі вылучаюцца ў тую хвіліну ўсё выразней як відавочна, так і ў фантазіях.

Але ж маем паверыць паданню аб назве месца, падтрыманным гістарычным падабенствам. З правага боку ад абрывістага берага Вяллі – даўні стан і акоп шведскі. Бачны яшчэ заслонены валам засценак з некалькімі сялянскімі хаткамі, названы Шведы на памяць аб падзеях часоў мінулых. А з левага боку часткова ў руінах сядзіба і палац аднаго даўняга багатага княжацкага роду з нашага краю; і тут жа каля яго невялічкі вясковы касцёл з дзвюмяа драўлянымі вежамі, на якія жалезныя крыжы, ледзь бачныя здалёк. Погляд, кінуты на адзін ці на другі бок, спатыкае адно альбо другое месца і затрымліваецца надоўга на кожным здзіўленным позіркам!!!

Колькі разоў маладая жывая мая фантазія несла мяне ў далёкае мінулае? Колькі разоў уяўляла сабе неверагодныя, але ж праўдападобныя вобразы, у якіх складаецца кожная мінуўшчына, і якую любім развіваць да бясконцасці?... Колькі разоў палац той гучаў мне выклікамі вясёлага банкету, разлятаўся рэхам шумнай кампаніі альбо водгукам трубы, парыванай у трывозе у дні, даўніх і частых сумятіц нашых, у якіх тутэйшы род браў чынны ўдзел? Колькі разоў праз доўгія і вузкія шыбы акон здаваўся мне заліты яркім святлом гмах, як калісьці ў дні рэлігійных святаў альбо пышных сямейных урачыстасцей?

Колькі разоў  ізноў у садзе, што пасаджаны вакол палаца, падобнага да Сапежынскага, у Вільні суправаджаў я ў доўгіх і цёмных ліповых алеях паважныя постаці прапрадзедаў, выправадзіўшы іх уперад маёй фантазіі са сцен палацу. Альбо уяўляў сабе цэлае сямейнае брона з матрон і мужоў, з юнакоў, дзяўчат і дзяцей складзенае, у суправаджэнні шыкоўнай світы слуг і чэлядзінцаў, што выходзіла ў нядзелю з палаца да сціплага касцёлка, і там, разам з плоймай сваіх сялян, пакорна малілася перад алтаром, пры якім дамовы капелан (хатні пробашч) правіў святую імшу, і вярталася потым да палаца з задавальненнем і прыязнасцю на тварах.

А на акопе швецкім, мінулых падзей якога хацеў бы даведацца, хіба ж не ўяўляў я сабе рыцараў, здабываючых і баронячых акопы?.. Хто перамог? Тыя, хто спачыў тут вечным сном, не адказалі на пытанне, толькі напрыканцы даведаўся я ад жыхара, хто перамог там катаў.
Для такіх і таму падобных думак і мараў заахвочваў мяне ў дні майго юнацтва і ў іх дапамагаў шчыры дзядуля, сябра мой, нягледзячы на тое, паздяляла нас шмат гадоў, апошні слуга і чэлядзінец таго выбітнага калісьці роду, пра сядзібу якога распавядаў стары. Дажываў ён век і ў малым закутку зруйнаванага дому сваіх гаспадароў, сардэчную прыязнасць да якіх захоўваў да канца і з якімі даўно ужо паяднаўся на стагоддзі.

За за дзве ці тры пулькі ў мар’яж, цярпліва разыграныя з ім, стары узнагароджваў паведамленнямі аб Швецкім акопе, тут жа паўтараючы. Хай будзе гэта эпізодам да распачатага зместу, як затока да Вяллі, з якой прыйшло гэтае паданне, як скарб, захаваны з даўніх падзей нашага краю, дагэтуль схаваны і затоплены на дне.

Вялізная, ад падмурку да даху высокая, двума паверхамі вакон, ачэпленых гнёздамі ластавак, асветленая, аднак цёмная, даўгая на вылёт цэлага дому зала у той калісьці княжацкай рэзідэнцыі, падобна да апусцелага касцёла. Тым больш, што шырокі хор у гары над уваходам і алтар на хорах даюць зразумець, што сапраўды папераменна і да забаваў і як замкавая капліца служыла для малітвы.

...Просто ўявіць сур’ёзныя маўклівыя постаці фундатараў, якія стаяць, як калісьці жывыя, ў тым самым месцы, адкінуўшы толькі пацуццё ўласнай годнасці у часе небажэнства.

Убаку ў малым пакоі гаспадарыў і жыў гадоў з дваццаць дагэтуль з акладам пан Андрэй Ромбульд, колішні сакратар князя, ваяводы Троіцкага. Пакой той, раней звычайная канцэлярыя ваяводы і адначасова кватэра сакратара, зараз быў яму цёплым кутком на старасць, а зала – святыняй успамінаў і малітваў за душы тых, чые выявы былі адлюстраваны на сценах і чые справы засталіся ў яго памяці.

Калі сухі, высокі і бялюткі дзядок, стоячы перад якім-небудзь партрэтам, пачынаў сваё апавяданне, то на пачатку ён прымаў постаць, тон і стыль даволі сур’ёзны, па-старому дварова-сакратарскі, лацініцай перамешаны, як быццам патрабаваў рэспекту для ўсяго сказанага і таксама эрудыцыі расказчыка. Але неўзабаве сардэчная цікавасць, якая ў той жа час у ім абуджалася, ажыўляла разам твар і погляд старога, знікала ненатуральная важнасць знешняга выгляду. Ненатуральна павольнае красамоўства змянялася на мову жывую, цякучую, хуткую, захапляльную і заканчвалася пад канец расчуленасцю, узбуджанай даўгімі паданнямі аб даўніх добрых часах і людзях, аб даўніх шыкоўных панах і дварах, альбо аб норавах і звычаях у час маладосці пана Андрэя і ранейшых за яго.

“Усё тое, аб чым мяне пытаешь, высакародны малады чалавек, – казаў мне потым пан Ромбульд, апісана ёсць per extensum, de data et actis у дыярушы розных фактаў і выпадкаў, пісаных тут год за годам ад даўніх часоў, а некаторыя я па загаду майго гаспадара Ваяводы Троцкага* requiescat in pace... пры ягоным жыцці працягваў рабіць, запісы і зараз, але ж ужо summatim працягваю. Мог бы дарэчы адшукаць і прачытаць ягамосці гісторыю гэтага акопу над Вяллёй, пра які так цікавішся, і іншых беспарадкаў і exorbitancyi  таго часу у нашым краі, тым больш, што высакароднаму юнаку такая цікавасць ў маладым вяку – пахвальная справа... якая вядзе да навукі і ведаў...

Discat qui nescit. Nam sic sapienta crescit! Але ж тыя фаліянты трэба вартаваць, таму  раскажу вашай ягамосці, колькі ведаю і памятаю”.

 - - -

*Тадэўш Агінскі, Ваявода Троцкі

per extensum, de data et actis – падрабязна (цалкам) з дадзеных і  спраў пацвержаных

requiescat in pace – пакойся з мірам

summatim – каротка, у агульных рысах

еxorbitancyi - правапарушэнні

Discat qui nescit. Nam sic sapienta crescit – прыкладна так: смешны той, хто не ўмее, але так расце вум.

 

пераклаў Алег Мiзула. 2010

Hosted by uCoz