http:\\vedzen.narod.ru экспедиции, путешествия, приключения. р.Вилия и ее берега.

матэрыялы канферэнцыi паводле экспедыцыi "Вiлiя-Neris" 2007г. Даклад краязнаўцы з Вiлейкi Рогача Анатоля Валянцiнавiча.

Вілія ў гаспадарчай і культурнай дзейнасці чалавека.

Вілія, маці рачулак празрыстых,
З твару блакітная, з дном залацістым…

Адам Міцкевіч.

Рака заўсёды адыгрывала ў жыцці чалавека немалаважную ролю і на яе берагах раней мясцілася абсалютная большасць узнікшых паселішч. Рака злучала людзей. Яна з’яўлялася самым зручным і танным сродкам зносін для перавозкі грузаў, калі ў балоцістых мясцінах пракласці дарогу было вельмі складана, а часам і зусім немагчыма. Адначасова рэкі і азёры былі надзейнай абаронай ад знянацкага нападу непрыяцеля.
З даўняга часу на рэках устанаўлівалі вадзяныя млыны, малолі зерне. Значна пазней на іх лягла яшчэ адна грандыёзная нагрузка: вада пачала выпрацоўваць электрычную энергію. Нельга забываць і аб рыбных багаццях рэк. А якія прыемныя ўражанні прыносяць сутыкненні з непаўторнай прыгажосцю кожнай ракі! А колькі песень, мастацкіх палотнаў, цудоўных літаратурных твораў прысвечаны рэкам!
Усё гэта мы можам прасачыць і на прыкладзе Віліі, якая стала надзейным звязуючым звяном паміж двума суседнімі народамі – беларускім і літоўскім, маючых адзіныя гістарычныя карані.

Вілія і Нярыс! Гэтыя назвы заўсёды крочаць побач на працягу ўсёй вядомай гісторыі засялення нашага краю. Вывучэнне ўсіх даступных дакументаў сведчыць, што яшчэ ў архівах крыжакоў Вілію называлі Негре ці Нэрыя. У 1398 годзе вялікі князь Вітаўт у адным са сваіх лістоў, завяраючы прускі ордэн у сваёй дапамозе ў будаўніцтве двух замкаў і, указваючы іх граніцы, называў Вілію Нэрыга.
Былі часы, што бачна з прывілея польскага караля і вялікага князя Ягайлы, даным у 1390 годзе віленскай капітуле на мястэчка Панары, калі Вілія насіла афіцыйную назву Вігіліяй. Гэтай назвы прытрымліваўся і польскі гісторык ХYI Станіслаў Сарніцкі.
У другой палове ХIY стагоддзя вядомы запіс “... и уже взял был Литовской земли по Велию реку…”
Вучоныя тапанімікі тлумачылі розныя паходжанні гэтай назвы – ад Вілія – “вялікая”, “віляць” і “ нярыс” – цякучая ва ўсіх напрамках, “цягну”, “выцягваю”.

Ёсць некалькі паданняў пра паходжанне назвы ракі Вілія, але найбольш прываблівая з іх “Сцяпан і Вяльяна”, надрукавана беларускім гісторыкам, пісьменнікам і грамадска-палітычным дзеячом Вацлавам Ластоўскім у “Беларускім календары на 1918г.”, выданым у Вільні.
"Было то так даўно, што нашым дзядам і прадзедам іх дзяды і бабкі апавядалі гэту гісторыю, як даўніну даўнюю, даўно бытую.
У святой зямлі ў барысаўскай, каля вёскі Шылян, цягнуцца абшырныя Шылянскія, або Кравецкія, балоты. З балот тых выцякае з-пад каменя-краўцы рэчка Вілія.
Вот жа, кажа аповесць народная, у вёсцы Шылянах жыў калісь кравец Сцяпан. Слаўны то быў на ўсю Барысаўшчыну здольнік. Шыў ён панам вяльможным бармы і саеты, сяльцам маламожным – світкі і жупаны, а князям харобрым – дарагія шаты з грызетаў шмальцаваных, павалок грэцкіх і аксамітаў венецкіх.
Багата жыў Сцяпан-кравец і пашану меў у людзей, а невясёлы быў: туга душыла сэрца маладое, што хоць і багаты Сцяпан, і малады, і прыгожы сабою, а няма ў яго жонкі-красы. Устане хмарны Сцяпан, хмарны за работу бярэцца і хмарны спаць ляжа. І не таму хмарны хадзіў Сцяпан, што не было дзяўчат маладых, гожых, ахвочых за яго замуж выйсці, а таму, што адзіная люблёная, дрыжоная дзяўчынка-краса ад яго ўцякае, а сустракаючыся, вочкі сівыя ў зямлю патупляе.
Мовіць, бывала, Сцяпан да яе слова ласкавае, а яна загарыцца, як макаў цвет на зары, ды маўчыць. І як жа тут малойцу добраму не тужыць, не хмарыцца, калі сэрца гарыць, як нарог у горне дабела накалены, і стучыць у грудзях, як молат па накавальні, а палёгкі яму няма ніякае.
Хмарыцца Сцяпан, бо праўды не ведае. Не ведае таго, што любка яго, у буйных думах калыханая, гэтаксама, як і ён да яе, к яму ўсім сэрцам хінецца, як хмялінка да тычынкі цягнецца, ды толькі сарамлівасць дзявочая няволіць нябогу на Сцяпана ўзірацца, уздыхаці па ім у ночкі майскія, цёпла-парлівыя, паглядаючы з-пад бярозкі касістае на месячык бледны.
Ох, і гожа ж была Сцяпанава нябога Ульяна, каторую за рост высокі, стан перагібісты да краснае лічыка людзі Вяльянай празвалі.
Доўга цярпеў сваю муку Сцяпан, але далей цярпець судзержу не стала і не стрываў гаротны. Раз апоўначы выйшаў Сцяпан у поле чыстае, стаў на крыжовых дарогах і прызваў к сабе сілу цёмную... За прыхільнасць дзявочую пабажыўся Сцяпан душу хрышчоную аддаць нячыстаму.
Скалыхнуўся лес ветрам-бураю, з чатырох дарог падымаўся пясок стаўбом-лейкаю, і з туману таго скочыў бес к яму казлом сморадным ды, скрывіўшы хару смехам гідлівым, прадудзеў-прабляяў:
-Што зняволіла цябе, красны малойча, мяне клікаці? І чаму стаіш на
ростані ў поўнач цёмную? За падарак-мяну, за душу хрышчоную, як сам ведаеш, я змагу зрабіць усё ўсякае!..
Лекаціць у грудзях у Сцяпанавых сэрца буйное, ды не з сполаху прад
нячысцікам, а з нячыстых дум, з паганай радасці: ад чорта нячыстага за душу сваю задумаў зажадаць Сцяпан чэсць дзявочую...
Падскочыў чорт, паморшчыўся, адступіўся ўбок, за вухам паскроб і
такі адказ прапішчэў кнурам:
-Трудзен доступ наш к чыстым дзеўніцам, а яшчэ трудней нам узяць ад
іх чэсць дзявочую. За такі загад тваёй малайцоўскай душы будзе замала. Хіба ты на ўцеху нам сам паважышся зняць з грудзей рэч свянцовую: крыж святы, што табе бацька-кум надзеў пры хрысцільніцы ды, палажыўшы яго на жарнавы круг, пабіваці будзеш каменем.
Пабялеў Сцяпан, як палотнішча кужэльнае, трэцюю вясну ў лузе
беленае: усё ж радасць чарцям ён прырок учыніць, абы толькі атрымаць узамен чэсць дзявочую.
Вот ідзе Сцяпан у бок дарожанькі, дзе ляжыць жарнавішча, знімае з
грудзей крыж святы і, палажыўшы яго на камені, памыкаецца біці каменем.
Занямела ўсё ў чыстым полейку з пераляку-гразы. Панырнуў у
хмары месячык бледны, заіскрыўшыся, патухлі ўсе зоранькі, аж прысеў да зямлі бор нахмараны, аж зямля здрыганулася, здрыгануўшыся, увагнулася.
Толькі ўзняў Сцяпан угару руку з каменем, і ўміг той сам стаўся
каменем. А з нябёс грамавой стралой з громам-грукатам распластаў чорта нябачлівага, толькі серкі чад удушлівы закурэў з яго і паплыў па ваколіцы.
Калі настаў дзень, доўга шукалі людзі Сцяпана ў будынках, у полі і ў
лесе, выйшаўшы ў поле, здзівіліся, убачыўшы на месцы роўнага поля абшырную лагчыну. Ідучы лагчынай, знайшлі каля крыжовых дарог скамянелага Сцяпана; тады людзі усё спанатрылі.
Як учула Вяльяна, што Сцяпан абярнуўся ў камень, у непрытомнасці пабегла ў поле і, абняўшы рукамі камень, прыпала да яго і залілася горкімі, безудзержнымі слязамі.
Плакала яна дзень, плакала ноч, а з усходам сонейка, чуць было золак на ўсходзе займаўся, са слёз яе з-пад каменя прабілася крыніца, Вяльяна Богу душу аддала.
Вяльяну хораша пахавалі, ухаўтурылі і на яе магілцы пабудавалі цэркаўку. І цяпер на Вяльянавай магілцы ў Шылянах стаіць царква.
А крыніца з-пад каменя разлілася па ваколіцы, затапіла ўвесь абшар, дзе ўвагнуўшыся была зямля, ператварыла тую нізіну ў непраходнае балота, каторае завуць Шылянскім, або Кравецкім, і паплыла ў свет рэчка празрыстай, харошай, як і сама Вяльяна калісь была. Рэчку гэту адразу ў памяць Вяльяны Вельяй назвалі і гэтак завуць яе дагэтуль, толькі чужынцы, не ведаючы гэтай гісторыі, перайначылі крыху яе праўдзівае імя, завучы Віліяй".

Рознымі даследчыкамі Віліі прыводзіліся і розныя даўжыні ракі: Поль-30міль, Штукенберг-657вёрст, Арсеньеў-623, Афанасьеў-680, Корэва і Сямёнаў-420, Зяленскі-657, Стрэльбіцкі-535, Тышкевіч-682, Кудаба-510. На самой справе даўжыня Віліі-Нярыс сёння складае 498км, з іх у Беларусі – 264, у Літве – 234 з плошчай водазабора – 25,1тыс.кв.км., з іх 11 тысяч на тэрыторыі Беларусі.

Ужо з глыбокай старажытнасці чалавек выкарыстоўваў на рэках розныя сродкі пераправы і дастаўкі грузаў. З пачатку гэта былі асобныя ствалы дрэў, потым плыты, пазней выдзеўбаныя са ствалоў дрэва чаўны.
Сярод водных шляхоў для нашай мясцовасці, якая ў IХ-ХII стагоддзях уваходзіла ў Полацкую зямлю, быў найбольш распаўсюджаны шлях “з варагаў у грэкі”. Калі спачатку гэта адбывалася на больш буйных рэках Заходняй Дзвіне і Дняпры з іх прытокамі, то пазней такія шляхі былі пракладзены і на менш значных, другарадных маршрутах. Прычым грузы перапраўляліся як па цячэнні, так і супраць яго. У месцах найбольшага збліжэння дзвюх суседніх суднаходных рэк для перамяшчэння суднаў з аднаго воднага басейна ў другі сталі прымяняць волакі. Па іх карацейшым і найзручнейшым шляхам рачныя судны перацягвалі (валаклі) на катках і колах па сушы або выгружаныя з іх тавары перапраўлялі ці пераносілі да новага месца сплава.

Наяўнасць волакаў у вярхоўі Віліі падцвярджае і тапаніміка. Самы першы волак (каля 3-х км) праходзіў праз раку Валачанку (Валочніцу – прыток Віліі) каля вёскі Вардамічы ў раку Поня (прыток Беразіны сістэмы Дняпра).
Прасочваецца падобны шлях з Дняпра ўверх па Беразіне, затым па Гайне, волакам у раку Ілля і далей у Вілію. Тут паўночней вёскі Айнаровічы (Лагойскі раён) маецца ўрочышча Волакі.
Эканамічна апраўданы меркаванні аб валоках з ракі Свіслач (басейн Дняпра) у прытокі Віліі Вязынку і Ушу, якія найкарацейшым шляхам звязвалі Мінск з Вільняй. Тым больш што раней існавала вёска Валокі, якая ў 1993 годзе ўвайшла ў склад г.п.Радашковічы.
Вядомыя волакі, якія дзейнічалі на ўнутраных шляхах зносін басейна Балтыйскага мора. Адзін з іх злучаў раку Мядзелку (басейн Заходняй Дзвіны) з ракой Нарач (Нарачанка) – прытокам Віліі і знаходзіўся паміж азёрамі Мядзель і Мястра (вёска Волачка – невялікі волак). Другі злучаў раку Нявежу (прыток Ушы басейна Віліі) з ракой Беразіной (прытокам Нёмана).
Сведкам таму з’яўляецца апісанне міжусобных войнаў вялікіх князёў ВКЛ Свідрыгайлы і Жыгімонта, адна з якіх адбылася ў 1433 годзе паміж Крэва і Маладзечна. Бітва была такой крывавай, што месца, дзе яна адбылася, празвалі Чырвонай Волакай. З цягам часу сітуацыя на мясцовасці вельмі змянілася, і цяпер ужо дакладна немагчыма вызначыць той волак.

Побач з тым месцам ёсць вёска Капачы, што адзначае капаць, зрываць узвышша на валоку ці паглыбляць мелкаводдзе ракі. Сапраўды, побач з Капачамі працякае рэчка Цвецень (прыток Беразіны), якая каля вёскі Малыя Кашэўнікі збліжаецца да некалькіх соцень метраў з прытокам Ушы Пісароўкай. Ды і назва аднаго з недалёкіх адсюль ўрочышча Прыстань гаворыць аб існаванні некалі тут унутранага гандлёвага шляху.

У 1971 і 1987гадах непадалёку ад Крэва ў вёсцы Ракаўцы былі знойдзены скарбы больш трох тысяч срэбраных дырхемаў Арабскага Халіфата, ухаваных у канцы Х стагоддзя. Гэты факт сведчыць аб пралягаўшым некалі тут вялікім гандлёвым шляху, магчыма водным, бо побач знаходзіцца вадападзел рэк Оксна (упадае ў Вілію) і Крэўлянка (басейн Заходняй Беразіны), па якой можна трапіць у Свіслач.
З цягам часу ўзнікла патрэба ў больш зручным тэхнічным рашэнні такіх водных маршрутаў, для чаго сталі прымяняць штучна зробленыя канавы. Злучэнне такім спосабам рэк басейна Балтыйскага і Чорнага мораў рабілася яшчэ ў часы ВКЛ.

У 1631 годзе кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза правёў праз сейм пастанову аб капанні ў гонар яго сына Уладзіслава “новага порта” (канала), які б злучыў вярхоўі Беразіны і Віліі. Для гэтага на сейме былі назначаны камісары – аршанскі падкаморы Мікалай Млечка і мінскі земскі падсудак Крыштафор Жыжымскі. Яны на месцы павінны былі разглядзець мноства арганізацыйных пытанняў, звязаных з будаўніцтвам канала, яго эксплуатацыяй, зборам пошлін з праходзіўшых па ім суднаў і грузаў. Але, стаўшы ў наступны годзе каралём, Уладзіслаў сканцэнтраваў увагу і сродкі на знешней палітыцы. Ідэя будаўніцтва канала была забыта.
Былі яшчэ два праекты. Першы дапускае злучэнне Віліі з Беразіной праз раку Поню, а другі – Заходняй Дзвіны з Нёманам пры дапамозе прытоку Віліі Жэймяны.
Толькі ў пачатку ХIХ стагоддзя на Беларусі пачалі дзейнічаць Бярэзінская водная сістэма, злучыўшая рэкі Заходнюю Дзвіну і Дняпро, каналы – Аўгустоўскі, імя Агінскага і іншыя.

У ліку важнейшых грузаў, якія перавозілі з поўначы на поўдзень, былі воск, мёд, пянька, футра. На зваротным шляху завозіліся шкляны посуд, каштоўныя тканіны, ювелірныя вырабы, прыправы, віно, соль.
Мясцовыя перавозкі ў выніку вядзення натуральнай гаспадаркі і невялікай шчыльнасці насельніцтва спачатку былі развіты слаба. Толькі ў пачатку другога тысячагоддзя нашай эры ў сувязі з узмацненнем спачатку Кіеўскай Русі, а затым і ВКЛ, паступова стала расці роля водных шляхоў для ўнутрагаспадарчых перавозак.
У гэты час на месцах, багатых лесам, пачалося суднабудаўніцтва. Найстаражытнымі былі лодка, човен і струг, якія ўпамінаюцца ў летапісах IХ-ХI стагоддзяў. Але непадалёку ад вярхоў’я Віліі ў Лагойскім раёне на стаянцы каля вёскі Зеценне быў выяўлены човен, выраблены ў эпоху неаліту (не пазней другога тысячагоддзя да нашай эры).
Залатым часам гандлю па Віліі быў пачатак ХY стагоддзя, калі Вітаўт у 1415 годзе наладзіў добрыя суседскія адносіны з Нямецкім Ордэнам і стругі даходзілі да Гданьска, куды сплаўляліся хлеб, футра розных дзікіх і свойскіх жывёл, лён, пянька, медзь, рыба і дрэва. Немцы дзівіліся гэтаму багаццю. Назад судны даходзілі толькі да Вільні і дастаўлялі ў Літву сукно, жалеза, цукар, соль, селядцы. Коўна было галоўнай гандлёвай базай. Важнае месца ў гэтай справе займала і Вільня.
Асабліва ажывіўся гандаль на Віліі з другой паловы ХYI стагоддзя. І ў наступныя перыяды, нягледзячы на пастаянныя войны, гэты працэс амаль не затухаў. Толькі з 1808 года ён пачаў згасаць. Закрываліся многія прыстані, у тым ліку і галоўная прыстань вярхоўя – Кастыкі. Для перавозкі грузаў па Віліі прымяняліся розныя рачныя судны. Сярод іх невялікія прускія марскія баты з кілем, рулём і парусамі, а таксама віціны, стругі, байдакі, баркі, лодкі і іншыя. Найбольшая грузападымальнасць іх не перавышала дванаццаць тысяч пудоў (750 тон).

Віціна – была вядомым з ХY стагоддзя старадаўнім драўляным рачным суднам з палубай і парусамі. Даўжыня – 43-45м, шырыня – 4-11м, грузападымальнасць – 128-192 тоны. Будавалася і хадзіла па Нёману, Віліі і Шчары. Пачала знікаць у другой палове ХIХ стагоддзя.

Байдак – пласкадоннае драўлянае грузавое судна з двухсхільным дахам і мачтай. Даўжыня – 25-53м., шырыня – 4-10м., грузападымальнасць – 80-250 тон. Па канструкцыі – самае вузкае адносна сваёй даўжыні і непаваротлівае судна.

Барка – драўлянае пласкадоннае судна, якое падзялялася на сплаўное і самаходнае. Сплаўныя будаваліся толькі на адзін рэйс уніз па цячэнні ракі. Пасля іх разбіралі і прадавалі на будаўнічыя матэрыялы ці дровы. Грузападымальнасць – ад 20 до 80 тон.

Струг – буйнае рачное судна тыпа баркі грузападымальнасцю да 150 тон, без ветразя і палубы. Даўжыня – 36-38м., шырыня 11м.

Лайба – хадавое пласкадоннае судна з ветразем, завостранымі носам і кармой, без палубы і даху. Даўжыня – 25-30м., шырыня – 4-5м., грузападымальнасць – 24-80тон. Хадзіла па Заходняй Дзвіне, Віліі і ў верхняй плыні Дняпра.

Берлінка (Берліна) – пласкадоннае грузавое судна з двухсхільным дахам і мачтай. Даўжыня – 21-45м., шырыня – 4-11м, грузападымальнасць – 50-600 тон. На рэках Беларусі з’явілася ў другой палове ХIХ стагоддзя, паступова выціснула байдак і віціну.

Канстанцін Тышкевіч у сваёй манаграфіі “Вілія і яе берагі”, сутыкнуўшыся ў 1857 годзе з мелкаводдзем і многімі іншымі воднымі перашкодамі, ніяк не мог дапусціць, што па Віліі маглі хадзіць віціны. Разам з тым па дадзеным Аляксея Сапунова, па Віліі віціны сплаўляліся: 1805г.- 6шт., 1814г.-1, 1829-6, 1831-5штук.
Вядомы дакумент 1623 года “Скарга Полацкіх купцоў Якаўлевічаў Хадык на пана Валканоўскага аб невыкананні ім умоў адносна пастаўкі трох віцін для своечасовай адпраўкі тавараў рэкамі Віліяй і Нёманам”. Там, у прыватнасці, сказана, што яшчэ ў 1622 годзе браты Васіль і Іван Хадыкі заключылі двухбаковую дамоўленасць са Станіславам Валканоўскім на пастаўку апошнім трох віцін пад іх грузы, сплаўляемыя па Віліі і Нёману да Краляўца (цяпер Калінінград) за пэўную суму грошай. Пан Валканоўскі павінен быў выставіць іх у гэтым годзе хаця і не новыя, але дабротныя, да прыстані над ракой Віліяй каля перавозу Касуцкага, які адносіўся да яго застаўнога маёнтка Вязынь. Зрабіць гэта патрэбна было да першай вады, калі людзі і купцы з таварамі былі звыкла падрыхтаваныя да сплаўлення.
За зіму па добрай дарозе на Касуцкую прыстань былі звезены з розных куткоў Беларусі многа тавараў немалым коштам, прызначаных для перавозкі ў Кралявец. Аднак Валканоўскі свае абязацельствы не стрымаў і даставіў абяцаныя віціны, ды і то меншых памераў, не перад каталіцкім Вялікаднём, а на тры тыдні пазней, калі вада ў рацэ ўжо значна знізілася.
Купцы, не жадаючы цярпець страты і чакаць наступнага года, загрузілі ўмясціўшыхся на віціну частку сваіх тавараў і 12 мая пусціліся ў сплаў. На наступны дзень з-за малой вады адна з віцін з таварам каля ўрочышча Шалавіцкая Лука разбілася і патанулі 400 бочак льнянога і канаплянага семя коштам 2000 польскіх злотых. Акрамя таго Хадыкі панеслі іншыя затраты, звязаныя са сплавам у малую ваду і са спазненнем дастаўкі свайго тавара ў патрэбны тэрмін. Таму прасілі суд справядліва разабрацца.

Самым значным і танным спосабам сплаву лесаматэрыялаў і іншых грузаў было плытагонства, якое вядома з глыбокай старажытнасці. Асабліва павялічылася яго прымяненне ў канцы ХYI стагоддзя, калі ўзрасла колькасць пастаўляемых у Заходнюю Еўропу грузаў праз Балтыйскае мора.
Сплаў пачынаўся ўжо з вытокаў Віліі, калі ўдавалася правезці па аднаму ці два звязаныя паміж сабой бярвенні. Яны выкарыстоўваліся для мясцовых патрэб прылеглых да Віліі землеўладальнікаў, найбольш буйнае з іх – Вілейскі маёнтак Віленскага жаночага манастыра візітак, які пасля паўстання 1830-1831г.г. канфіскаваны і перададзены ў казну.
Такім чынам у ХIХ стагоддзі на берагах Віліі існавалі два Вілейскія староствы – адно ў Барысаўскім, а другое ў Вілейскім паветах.

Асноўны прамысловы сплаў па Віліі пачынаўся па леваму яе прытоку Дзвіноса, на берагах якой у ХIХ стагоддзі дзейнічалі сем розных прадпрыемстваў. Галоўным складам (ці румам) тут была Плешчаніцкая Рудня, куды дастаўлялася дрэва з невычарпальных на той час Смалявіцкай, Барысаўскай і іншых пушчаў, належачых спачатку Радзівілам, а затым Вітгенштэйнам і графам Тышкевічам з Лагойскіх і Груздзецкіх лясоў.
Першапачаткова гандлем драўніны займаліся самі гаспадары вялікіх лясных угоддзяў. Імі вызначаліся дзялянкі для высечкі лесу, абсталёўваліся румы, з якіх затым і адпраўляліся ў няблізкую дарогу па Віліі і Нёману плыты. Сплаўлялі іх спачатку замежныя, а пасля і дамарошчаныя плытагоны. Пазней, калі стала больш выгадна, за вызначаную плату паны сталі выдзяляць драўніну пабочным гандлярам. У асноўным гэта былі яўрэі-прамыслоўцы. Атрымаўшы дазвол на далейшую яе транспарціроўку водным шляхам з мэтай продажу, яны наймалі з ліку мясцовых сялян лесасекаў і вознікаў-тралёўшчыкаў. Першыя валілі лес і наразалі яго на бярвёны даўжынёй па 3-5метраў. Другія займаліся іх дастаўкай на румы. Там драўніна акорвалася і складалася ў шліхты для прасушкі. Звычайна гэта рабілася позняй восенню і ўзімку. А напрадвесні ўжо наступала чарга вязальшчыкаў плытоў.
Тавар, што звозіўся зімой, складзіраваўся па берагах рэк. На Плешчаніцкай Рудні лес складваўся на працягласці адной мілі (больш 7км), і яго колькасць даходзіла да 500-800 копаў (ад 30 до 50 тысяч бярвён, у асноўным так называемых англійскіх брусоў).

Ніжэй па цячэнні знаходзіўся другі – Чараноўскі рум ёмкасцю да 100 копаў. Кошт адной капы такога тавару даходзіў да 360 рублёў. Такім чынам у сярэдзіне ХIХ стагоддзя з аднаго толькі Барысаўскага павета лесу сплаўлялася па Віліі на 200 тысяч рублёў срэбрам.
Акрамя таго сплаў лесу па Віліі адбываўся па такіх яе прытоках як Сэрвач, Ілля з Рыбчанкай, Нарач з Вузлянкай, Страча, Жэймяна, Швянтаі і некаторых іншых.

Трапіўшы ў Вілію, на бліжэйшай прыстані крыху падсохлую драўніну звязвалі ў звёны – так званыя клейны, гонкі ці лаўкі, якія ў сваю чаргу складаліся з некалькі дзясяткаў камлёў. Кожная з бярвёнаў мацавалася пры дапамозе віцаў альбо гардзялёў (вяровак са скручаных лазовых пруткоў, пазней для гэтай мэты стаў прымяняцца і дрот) да жэрасцей – пакладзеных упоперак камлёў. Між сабой лаўкі злучаліся жэрдкамі, якія называліся паклёсамі.
Плыты звычайна складаліся з двух-трох лавак. На першым і апошнім звёнах для кіравання плытом устанаўліваліся апачыны ці прысы – рулявыя вёслы, там жа знаходзіліся і шарыгі – завостраныя калы, якія выкарыстоўваліся пры тармажэнні. Кіраваў плытом галоўнік, а заднік павінен быў упраўляцца з “хвастом”. На начлег плытнікі прычальвалі да берага і мацавалі плыт з дапамогай каната з віцаў ці канапель да арала – убітага ў зямлю тоўстага кала. На другім звяне ўстанаўлівалася дашчатая жыллёвая будка і горан для прыгатавання ежы.
Плыты з невялікай колькасцю звёнаў абслугоўваліся 2-3-мя сплаўшчыкамі, а караван плытоў дастаўляла цэлая арцель, у якую ўваходзілі старшы плытагон (атаман, караваншчык, корнік), дубовікі і весляры на лодках-дубах і рабочыя-гоншчыкі.

Праца плытніка была не з лёгкіх, і на яе адважваліся мясцовыя сяляне хутчэй за ўсё ад безвыходнасці, чым з-за заробку. Вось як пісала ў 1910 годзе першая беларуская газета “Наша ніва”: “У Віленскай губерні варункі жыцця плытнікаў не вельмі добрыя. Бярэ, напрыклад, з Вілейкі плыт гнаць за 25руб., - гэтых трэба аддаць задніку 6-7рублёў і плытніку астаецца 18. Хлеб дае купец. Калі добра пойдзе, то вернешся за якія 2 тыдні. Але як разаб’ецца плыт, калоды згубяцца, - тады купец за кожную калоду адлічыць па 2-3 руб. І вось, правёўшы месяц часу, хоць пехатой ідзі да хаты. А і Вілія не матка, кожны год забярэ каго-небудзь. Летась забрала, як чуў, аднаго, а і сёлета аднаго ля Вілейкі. За такую небяспечную і цяжкую працу плытнікаў трэба бы і плату даваць справядлівую”.
Народны паэт Беларусі Якуб Колас так вобразна напісаў у вершы “Плытагоны”:

Клунак за плячамі,
Згорбленыя спіны –
Валіць чарадамі
Люд на сплаў, віціны.
Босыя іх ногі,
Твар іх загарэлы,
Вопратка ўбога,
Чуць прыкрыты целы.

А дома яго чакае галодная сям’я, якая ўскладвала вялікія надзеі на гэты заробак. Многа зарабіў плытнік за сплаў аднаго плыта ці мала, можна меркаваць па суадносінах тагачаснай цаны на жыццёва неабходныя і хадавыя тавары, а таксама прадукты харчавання.
Так, на той час кілаграм ялавічыны сярэдняга гатунку каштаваў 35-37 капеек, а кавалак мыла абыходзіўся ў 50 капеек. За пуд жыта ў Вільні давалі 86-87 кап, адпаведна – ячменя – 74-75 і аўса – 70-80 капеек. 200-грамовы пачак тытуню вытворчасці Вішнеўскай тытунёвай фабрыкі Н. Рома (цяпер Валожынскі раён) у 1912 годзе каштаваў каля 4-х капеек, а вядро гарэлкі – толькі 73-75 капеек.

Такім чынам такі гадавы заробак мала каго радаваў, а самі сплаўшчыкі плытоў называлі сваю працу “Сабачым хлебам”.
Сплаў лесу працягваўся і ў міжваенны перыяд, але асабліва ён узрос перад і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны і працягваўся да пачатку 50-х гадоў, калі разбуранай народнай гаспадарцы тагачаснай краіны вельмі патрэбны былі будаўнічыя матэрыялы. У многіх раёнах дзейнічалі сплаўканторы і іх аддзяленні. Так за 1940 год па Вілейскай абласной сплаўной канторы, дзе ў самы актыўны перыяд нарыхтоўкі і сплаву леса працавада да 1350 чалавек, праводзіласа звыш 200 тысяч кубічных метраў драўніны. У 1949 годзе толькі на Іллянскім сплаўучастку працавала 16 брыгад сплаўшчыкаў, якія аб’ядноўвалі да 700 чалавек. Праца іх працягвалася з ранняй вясны да пачатку ліпеня.

Будучы Герой Савецкага Саюза Канстанцін Зубовіч, які вызначыўся ў снежні 1944 года пры фарсіраванні Дуная і вызваленні Будапешта, яшчэ перад вайной пабудаваў сваю новую хату ў вёсцы Папоўцы, сплавіўшы туды па Вузлянцы і Нарачанцы са Старынак, дзе меў сваякоў, зруб па асобных бярвёнах.
Плытагонства і сплаў суднаў пасля лесанарыхтоўкі былі на Беларусі і Літве самым масавым адыходным промыслам.

Да 1861 года часта існавала прымусовая здача прыгонных сялян у наём купцам па дагаворах з памешчыкам.
Будаўніцтва ж судоў доўгі час вялося ў Караліне, затым яны паражняком спускаліся да першых прыстаней у вярхоўі Віліі, куды па зімніку завозіліся тавары з Магілёўскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай і Мінскай губерняў. Іншымі важнымі прыстанямі, дзе таксама будаваліся рачныя судны, з’яўляліся Кастыкі, Сосенка, Пахомава, Слабада, Вілейка, Даманава, Заскавічы, Вільня, Янаў і Коўна. Шлях ад Кастык да Коўна складаў у сярэднім 25 дзён.

У студзені 1815 года былы расійскі канцлер Мікалай Румянцаў, валодаючы Гомельскім староствам, даў свайму прыгоннаму селяніну Васілю Прывалаву настаўленне:
“1... для предпровождения из Гомеля до Вилейки, а оттуда по означенной реке и далее по водяному пути до прусского города Кенигсберга разных экономических произведений, а именно: пеньки чистой первого разбора две тысячи пуд. Второго разбора четыре тысячи пуд… Сала говяжьего топленого, желтого сто один пуд. Свеч сальных одиннадцать пуд и шерсти шпанской десять пуд.
2. Все артелям подводникам прилагается при сем накладные списки с означением сколько в каждой артели подвод и что на оных наложено, а подлежащие за провоз до Вилейки деньги все сполна в Гомеле выданы.
3. По прибытию на Вилейку принять тебе от означеных подводчиков все наложенные произведения и при каждой подводе по десять рогож по накладным спискам и сложить в занятые там для того амбары, наблюдая и предохраняя, чтобы все сбережено было от течи и похищения, для чего будет нужно нанять сторожей.
4. По вскрытии рек, когда наступит удобность, немедля предпроводить все порученные тебе произведения в вышеозначенный город Кенигсберг, руководствуясь во всем по сему пути наставлением и советом купца Мейера Гершовича или его поверенного, который обнадежил действовать во всем к пользе и успехам…”

Такія грузы перавозіліся, у асноўным, на каробках. У тым годзе на Вілейскай прыстані грузіліся іх толькі тры. Каробка ўяўляла сабой плыт з сухіх яловых бярвенняў, пакрытых некалькімі слаямі жэрдак і брусоў. На атрыманы памост насцілалі рагожу і ўкладвалі пяньку ці лён у валакне. Семя ж і іншае зерне клалася ў мяшкі кубамі. Затым усё гэта накрывалася лубяной накрыўкай. Некалькі сіметрычна расстаўленых такіх кладавых перавязваліся пяньковымі канатамі і складалі каробку. Яна ўмяшчала ў сябе да 4-5 тысяч пудоў груза і праводзілася экіпажам з 15 чалавек, якімі кіраваў сядзеўшы на даху рулявы.
Патрэбна адзначыць, што падобная карціна была адлюстравана ў гербе павятовай Вілейкі, які быў зацверджаны 22 студзеня 1796 года: “На чырвоным полі, з правага кутка да верхняга левага, намалявана серабрыстая рака Вілія і на ёй плывучае судна, нагружанае таварамі і прадуктамі, якія адзначаны двумя звязанымі цюкамі і залатым жытнім коласам у доказ таго, што на той рацэ будуюць судны і адпраўляюць на іх звезеныя да берагоў Віліі з розных месцаў тавары і прадукты”. У доказ гэтага сведчыць той факт, што да сягонняшняга дня ў Вілейцы існуе мікрараён горада “Перавалка”.
У розныя гады на Віліі грузілася і сплаўлялася розная колькасць суднаў і плытоў, дадзеныя па якіх занесены ў табліцу № 1.

Павелічэнне грузапатоку па Віліі ў 1855-1856 гадах звязана з вядзеннем Крымскай вайны, калі порты Чорнага і Балтыйскага мораў былі зачынены. Тады рака Вілія пакрылася лайбамі. На яе берагах актыўна вялося іх будаўніцтва. З’явіліся новыя прыстані ў Малмыгах, Касуцкім, нават у вярхоўі – сяле Спас. Але працягвалася гэта ўсяго два гады – да заканчэння вайны.
Была спроба наладзіць па Віліі і пасажырскія перавозкі. Прадпрымальніку графу Райнольду Тызенгаўзу (1830-1880) і рэвельскаму купцу I гільдыі Панку ў 1855 годзе было дазволена ўсталяваць пасажырскае і буксірнае параходствы на рэках Нёман і Вілія з устройваннем параходных прыстаней, у тым ліку ў Вільні, Немянчыне, Міхалішках, Вілейцы і Янаве. Для параходоў прадугледжваўся цэлы шэраг прадпісанняў, у тым ліку:
-яны павінны праходзіць міма паромнай пераправы толькі тады, калі канат парома будзе поўнасцю апушчаны на дно ракі па дадзенаму з парахода знаку – паравым свістком ці звонам;
-міма суднаходных прыстаней дазвалялася праходзіць толькі днём, па цячэнню пад малым парам і з невялікай хуткасцю, супраць цячэння паднімацца толькі пад наглядам мясцовых вопытных стырнікаў (рулявых);
-параходы павінны былі мець апускныя дымавыя трубы і мачты для іх апускання пры праходзе пад Зялёным мостам у Вільні;
-забаранялася размяшчаць параходныя прыстані паблізу суднаходных.

Акрамя таго у лік земскай павіннасці даводзіўся загад мясцовай уладзе аб абавязковай расчыстцы берагавой паласы на ўчастку параходнага руху па абодвух берагах ракі шырынёй 10 сажней ад урэзу вады.
У 1855 годзе Тызенгаўз набыў два параходы. Вялікі “Кейстут” прызначаўся для Нёмана, малы “Нярыс” – для Віліі. Апошні быў спушчаны на ваду ў наступным годзе і падняўся ўверх да Сосенкі, адной з прыстаней верхняй Віліі. Аднак параход так далёка мог ісці толькі вясной і восенню, і то не заўсёды. Так вясной таго ж года ён наткнуўся на перашкоды ля Вілейкі і пасажыры вярталіся дадому на фурманках. На працягу лета “Нярыс” абслугоўваў лінію Вільня – Коўна, а таксама служыў для прагулак з Вільні да Верак. Атрымаўшы вясной пашкоджанне ад ільдзіны ў Коўна, у Вільню ён ужо не вярнуўся.

З 30-х гадоў мінулага стагоддзя з перапынкамі на вайну і пасляваеннае адраджэнне на Віліі даволі някепска была развіта спартыўная і турыстычная справа. Цяпер на Беларусі арганізавана больш дзесятка водных турыстычных маршрутаў, у тым ліку з яе жэмчужыны – возера Нарач даўжынёй 97км па Нарачанцы і Віліі да Залесся. Яшчэ адзін 70-кіламятровы маршрут пракладзены па Страчы з возера Швакшты праз маляўнічы ландшафны заказнік “Блакітныя азёры” да Міхалішак. Раней яны былі ўсесаюзнымі і доўжыліся да Вільнюса ці Каўнаса. Ёсць надзея, што пасля адбыўшайся ў 2007 годзе сумеснай беларуска-літоўскай экспедыцыі па рацэ Вілія-Нярыс гэты маршрут стане міжнародным і рэгулярным.

Паспяховаму суднаходству і сплаву па Віліі вельмі заміналі розныя перашкоды, да якіх адносіліся затопленыя ствалы дрэў і вялікіх пнёў, вострыя камяні і грады з іх, пясчаныя водмелі, небяспечныя павароты. Для ачысткі ракі прымалася некалькі дзяржаўных пастаноў, першая з якіх адносіцца да 1380 года. У статуце ВКЛ быў уключаны наконт гэтага спецыяльны артыкул “Аб прачышчэнні партовых рэк”, дзе гаспадароў маёнткаў абавязвалі вычышчаць і папраўляць іх. Аднак гэта справа часта сустракала супраціўленне з боку феадалаў, маючых свае маёнткі на берагах Віліі. 22 красавіка 1606 года кароль Жыгімонт III нават выдаў па гэтаму выпадку спецыяльны прывілей.

У 1720 годзе шляхта Гродзенскага павета выступіла з прапановай да Варшаўскага сейма аб удасканаленні навігацыі на суднаходных рэках Нёману, Дзвіне і Віліі. З ХIХ стагоддзя пачаліся эпізадычныя работы па падрыву небяспечных камянёў з дапамогай пораху. На Віліі былі ліквідаваны каменная скала Голуб, камяні Карова, Аляксей, Пац.
Усяго на рацэ налічвалася звыш 90 перашкод. З іх 48 валуноў, 12 сябровых каменных град, 27 меншых забораў. Амаль кожная мела ўласную назву, а некаторыя і легенды. Так небяспечны для суднаходства камень “Лысіна Паца” знаходзіўся амаль пасярэдзіне ракі насупраць палаца Вілейскага старасты. Стары лысы Пац, не загружаны ніякімі справамі, высоўваўся з акна і папярэджваў праплываючых аб небяспецы на іх шляху. Па падабенству гэтага каменя з галавой старасты нашы продкі і празвалі яго такім найменнем.

Акрамя таго важкай перашкодай для суднаходства з’яўляліся таварныя мытні, якія з вялікімі недахопамі ў розныя часы дзейнічалі ў Маркаве, Данюшаве, Жодзішках, Быстрыцы, Немянчыне і Верках. Для навядзення парадку каралямі Казімірам, Аляксандрам, Жыгімонтам I прымаліся спецыяльныя дэкрэты і пастановы. На Варшаўскім сейме 1631 года было забаронена на сплаўных рэках устройваць млыны, шлюзы, плаціны і ўсялякія іншыя збудаванні, перашкоджваючыя суднаходству. Пагэтаму млыны будавалі толькі ў вытоку Віліі і на нясплаўных участках яе прытокаў.

Неаднаразова звярталіся з просьбай да губернатара Віленскай губерні ў 1900 і 1910 гадах сяляне з вёскі Іжа аб будаўніцтве імі на рацэ Нарач млына. Яны грунтоўна абяцалі ў перыяд сплава без перашкод прапускаць дрэва праз шлюз, аднак пастаянна натыкаліся на адмову даць на гэта дазвол з боку яўрэяў- лесапрамыслоўцаў, мясцовай пані Аляксандры Любанскай і сялян в.Нарач, дзе ўжо меўся падобны млын. Такая ж адмова была і селяніну в.Пагост Казіміру Адорскаму, які ў 1875 годзе звярнуўся з гэткай жа просьбай на дазвол аб будаўніцтве млына на Віліі каля сваёй вёскі.
Паралельна з млынамі будаваліся і масты, якія знаходзіліся толькі ў вярхоўі ракі (апошні восьмы па ліку там мост быў у Камена, вядомы з 1565г.) і гарадах Вільні і Коўна. Прычым першыя драўляныя масты былі вельмі ненадзейнымі, разлічаныя на праезд адной падводы. Вось якое здарэнне адбылося ў 1911 годзе на рацэ Нарач паблізу яе ўпадзення ў Вілію, пра што пісала газета “Наша ніва”.

“... 17 кастрычніка селянін з вёскі Высокая Прыстань ( цяпер Швяды ) Міхаіл Мамай з Юліяй Мамай павезлі ў сяло Ганута хрысціць дзіця селяніна Сымона Мамая. З кумамі была і бабка Аляксандра Кізік. Дзіця ахрысцілі, назваўшы Аляксандрам, і варочаліся да дому а восьмай гадзіне вечара. На дарозе каля млына, каторы належаў да двара “Ганута”, праламаўся мост і конь з павозкай і седакамі з сямі аршыннай вышыні (5 метраў) рынуліся ў ваду. Дзіця і конь утапіліся, а бабка зламала нагу. Кум і кума засталіся цэлы. Прыбеглі суседзі і ледзь выратавалі бедакоў з вады. Дзіця знайшлі на другі дзень з раніцы”. Таму людзі здаўна, асабліва ўлетку, з задавальненнем карысталіся больш надзейнымі, а часам і абсталяванымі шматлікімі брадамі.

На значных дзяржаўных і гандлёвых шляхах масты будаваліся сапраўды трывалымі. Так, на старой Полацкай дарозе каля мястэчка Маркава, цэнтра аднайменнага тагачаснага павета Віленскага ваяводства, ужо ў сярэдзіне ХY стагоддзя існаваў адзін з першых мураваных мастоў, які насіў назву Вітаўтага.
У 1533 годзе кароль Жыгімонт I дазволіў графу Войцэху Гоштальду будаўніцтва з камянёў і цэглы маста і гандлёвай прыстані на шляху з Вільні ў Надольны замак, а таксама браць з купцоў мытны падатак. Праз тры гады першы мураваны мост цераз Вілію ўступіў у строй. Пазней ён атрымаў назву Зялёны.
Часта масты ў час паводкі разбураліся, але яго гаспадары вымушаны былі аднаўляць іх кожны раз, каб не мець страт ад збору маставога мыта. Так паступаў і Урэцкі стараста Раман Валодзька ў сваім маёнтку Касічы на рацэ Нарач, калі вясной мост “на тракце з Белай Русі ў Вільню і далей на Крулевец” абавязкова зносіла. Тады ён пабудаваў мост даўжынёй 79,21м. (16 прутоў і 2 локці “літоўскай меры”), шырынёй 3,25м. (5 локцяў), які абапіраўся на 4 каменныя апоры. Пралёт паміж імі быў каля 16м.

Паводле прывілею 1599 года гаспадар маёнтка Смургоні брэсцкі ваявода Крыштаф Зяновіч на гэтым жа гасцінцы браў маставое мыта “ад воза людзей купецкіх з вялікімі таварамі” па 4 пенязі, а ад меншых тавараў па 2 пенязі. Непасрэдна за спраўнасць усіх дарожных камунікацый адказваў гаспадар уладання, на зямлі якого яны знаходзіліся. Але ўжо ў ХYI стагоддзі у ВКЛ была ўведзена пасада павятовага мастаўнічага, які павінен быў сачыць за станам мастоў і перапраў.
Адзін з першых металічных мастоў у верхнім цячэнні Віліі быў узведзены паблізу Вілейкі пры будаўніцтве Полацка-Сядлецкай чыгункі ў 1903-1905гадах. Аўтар праекта – вядомы літоўскі інжынер і грамадскі дзеяч Пятрас Вілейшыс (1851-1926). Ён лічыўся лепшым спецыялістам па кесонных работах у Расійскай імперыі. Яго стальны мост праз Вілію каля Вілейкі прадстаўляў сабой аднапраходную канструкцыю, праезная частка якой знаходзілася знізу. Другі мост таленавітага канструктара каля Іонава напамінаў першы. толькі перавернуты, з праезнай часткай уверсе. На жаль, вілейскі чыгуначны мост быў знішчаны ў час шматлікіх ваенных дзеянняў 1915-20-х гадоў. Адноўлены з іншай канструкцыяй, ён збярогся да нашага часу.

З пачаткам першай сусветнай вайны Віленскай акругай шляхоў зносін у 1914-1915г.г. тэрмінова былі ўзведзены свайныя масты ў Вілейцы, Смаргоні, Міхалішках, Гамерні і Немянчыне. Чуць пазней ужо на акупіраванай немцамі тэрыторыі на Віліі ніжэй Жодішак быў пабудаваны вядомы Тупальшчынскі мост, па якім праходзіла вузкакалейная чыгуначная лінія. Напамінам аб гэтым сведчаць магутныя бетонныя быкі, якія сіратліва і змрочна стаяць упоперак ракі.
10 ліпеня 1920 года Вілейка ў чарговы раз была вызвалена ад замежнай акупацыі. Адступаючы, польскія войскі ў спешным парадку ўзарвалі на чыгуначнай станцыі ваданапорную вежу, пад’язныя пуці, а таксама спалілі нядаўна пабудаваны мост праз Вілію. Нанавастворанай Савецкай уладай тэрмінова былі прыняты меры па прыбранні рэшткаў металічных канструкцый маста. У арганізаваную па яго аднаўленню брыгаду з 140 чалавек уваходзіла 40 цесляроў, 10 кавалёў, 85 чорнарабочых, з якіх 45 чалавек былі з падводамі. Неўзабаве новы мост даўжынёй 35 сажняў (75 метраў) зноў уступіў у строй.

Большасць ж часу нашы продкі для рэгулярнай перавозкі сухапутных транспартных сродкаў, грузаў і пасажыраў карысталіся перавозамі. У першым тысячагоддзі нашай эры берагі Віліі былі заселены балцкімі плямёнамі. Прыкладна ў той жа час, пачынаючы з YII-IХ стагоддзяў, на гэтыя землі з захаду і паўднёвага – захаду пачалася міграцыя крывіцкіх плямён. Аб гэтым сведчаць шматлікія тапонімы з вытворнымі ад слоў “крывічы” і “крэвы”. Істотнай перашкодай для іх з’явілася даволі паўнаводная рака Вілія, якую адразу вялікія групы перасяленцаў пераадолець не маглі. Таму ў больш зручных месцах наладжваліся перавозы, а пры іх будавалася жыллё для перасяленцаў і тых, хто абслугоўваў перавоз. З пачатку ХY стагоддзя вядомы стражатны перавоз цераз Вілію і яе прыток Уша каля Шалавіч (цяпер Вілейскі раён) і Маркава (Маладзечанскі раён). Пазней у дакументах упамінаюцца старажытныя перавозы Кастыцкі, Касуцкі, Алянецкі каля Заскавіч, Смаргонскі, Міхалішскі, Немянчынскі і іншыя. У сярэдзіне ХIХ стагоддзя на Віліі дзейнічала 27 такіх перавозаў. Ад некаторых з іх засталіся назвы як Аляксееў (Альсееў) Перавоз, Перавозы, Перавознікі, Парамец.
Часта побач з імі існавала і карчма, дзе здарожаныя людзі, чакаючы сваёй чаргі на перавоз, знаходзілі тут і кампанію па інтэрэсах, і духоўную гаворку, і прытулак, і харч, і да харча. Асабліва славілася гэтым карчма пры Смаргонскім перавозе.

У якасці плывучага збудавання прымяняліся розныя судны, плыты, якія служылі плывучай апорай і пераасталёўваліся ў паромы з устройствам памостаў з поручнямі для размяшчэння на іх людзей і транспартных сродкаў. Акрамя таго паромы былі забяспечаныя асобым прыстасаваннем, служыўшым для накіравання яго руху паміж абодвума берагамі. Звычайна гэта быў канат, перакінуты папярок ракі і замацаваны на яе берагах. Пераправы былі як прыватныя, так у большасці сваёй дзяржаўныя. Апошнія здаваліся з таргоў спачатку ў трохгадовую, а затым у чатырохгадовую арэнду. Арандатар павінен быў на асабістыя сродкі ўстройваць на іх з трывалых матэрыялаў па аднаму перавознаму шкуту, а таксама трымаць адну вялікую і адну малую лодку для пераправы ў вялікую паводку, калі паромы не маглі быць прыменены.
Так у 1842 годзе вілейскі гараднічы Ласкутоў у сваім рапарце губернскаму начальству паведамляў, што пераправа праз Вілію пры вясенніх і асенніх разводдзях здзяйсняюцца на двух чайках ці лодках, намошчаных дошкамі. А летам працуе пастаянны паром, які, часам, пераводзіцца з месца на месца ў выпадку мелкаводдзя ці наносу пяску. Але праезджыя затрымкі не маюць.
Згодна з правіламі і кантрактам, падсобныя рабочыя, якія прымалі ўдзел у пераправе, павінны заўсёды быць цвярозымі, добрых паводзін і мець на гэта пісьмовы дазвол. Пераправа павінна была быць адкрыта адразу пасля заканчэння крыгалому і ўтрымлівацца ў прыгоднасці да замярзання ракі, працуючы заўсёды ў патрэбны час, днём ці ўначы, без затрымкі. У вялікую ваду для бяспечнай перавозкі людзей і грузаў арандатар мог звяртацца за дапамогай у гарадскую Думу. Бясплатна перавозіліся пошта, эстафеты ваенных і арыштантаў і іншыя па казённай патрэбе.
Летам 1810 года ў Вілейцы адбыўся вялікі пажар, у час якого выгарала значная частка суцэльнай драўлянай пабудовы невялікага павятовага цэнтра, у тым ліку прыходская уніяцкая царква і прысутныя будынкі дзяржаўных устаноў. Таму часова яны былі размешчаны ў бліжэйшым пазаштатным горадзе павета Радашковічах.

Наступны год, калі ішла напружаная падрыхтоўка да Айчыннай вайны 1812 года, азначыўся вялікім перамяшчэннем воінскіх фарміраванняў, грузаў, харчавання і фуража. Існуючы перавоз на Віліі не спраўляўся з вялізнай колькасцю перавазімых людзей, жывёлы і цяжараў. Таму спецыяльна для гэтай мэты быў збудаваны наплаўны мост. На ім вага праходзячых грузаў і самога маста перадавалася на ваду. Ён складаўся з плытоў і асобных плывучых апораў (лодак і т.п.), на якіх устройвалася верхняе пакрыццё. Пры ўздзеянні на яго цячэння ці ветра ён утрымліваўся на месцы з дапамогай якараў і адцяжак, замацаваных на беразе. Каб прапускаць судны і плыты, частка маста была зроблена развадной. Для яго аховы на ўскраіне горада былі збудаваны каравульнае памяшканне і драўляны турэмны замак.
Праз дзесяць гадоў гэта пераправа прыйшла ў нягоднасць і летам 1821г. Мінскае губернскае праўленне прадпісала Вілейскаму гарадскому магістрату сумесна з гарадской Думай наладзіць замест маста перавоз з аддачай яго ў арэнднае ўтрыманне. Аднак гарадскіх даходаў не хапала і патрэбную суму – 833 рублі асігнацыямі на пабудову парома і 60 рублёў на рамонт каравулкі, - планавалася браць з земскіх павіннасцей, а арэндны збор збіраліся давесці да 25 рублёў штогод.
Пры заключэнні ў 1829 годзе кантракта Вілейскай гарадской Думы з Шыманам Капяловічам быў устаноўлены тарыф за пераправу цераз Вілію:
1) у малую ваду – ад каня – 3 капейкі, ад пешага – 1 капейка;
2) пры разліве вады восенню і вясной – ад каня – 25 капеек, ад пешага – 5 капеек.
Праз чатыры гады тарыф у вялікую ваду быў павялічаны да 50 капеек
за каня і 8 капеек для пешага. Сам Капяловіч павінен быў штогодна плаціць у казну трымя часткамі 126 рублёў асігнацыямі. У 1870 годзе арэндная плата складала ўжо 260 рублёў.

Спраўна служыла і служыць Вілія чалавеку і ў развіцці прамысловасці, выпуску неабходных для яго жыццядзейнасці тавараў і прадукцыі.
Да 1866 года на яе прытоку Крайшчанцы ў маёнтку Каменскіх Даўгінава працавала суконная фабрыка, дзе была ўстаноўлена адна з першых у губерні паравая машына. На ёй у 1860 годзе было выраблена сукна коштам 72350 рублёў. На другім прытоку Віліі Рыбчанцы у пасёлку Раёўка з 1889 года дзейнічае кардонная фабрыка.
У гады першай рускай рэвалюцыі 1905-1907г.г. рабочыя аднадушна выступілі супраць яе ўладальніка І.У.Грыгаровіча. Сам ён паспеў схавацца, а рабочых разагналі казакі. У 20-х гадах мінулага стагоддзя Рыгор Курэц з вёскі Шыпкі Вілейскага павета, які працаваў падмайстрам на згаданай фабрыцы, апынуўся ў далёкім ад Раёўкі маёнтку на рацэ Вака. Ім упраўляла маладая ўдава. Здольны і працавіты спецыяліст так спадабаўся сваёй пані, што неўзабаве стаў тут поўнаўладным гаспадаром і збудаваў асабістую папяровую фабрыку. Месца для гэтага было выбрана вельмі ўдачна. Драўніна выгадна дастаўлялася з недалёкай Віліі, а калі значна вышэй перагарадзілі Ваку і правялі адтуль па акведуку ваду, атрымалася і танная энергія.
Пасёлак, заснаваны побач з фабрыкай, назвалі па імені яе гаспадара “Грышы”, у польскі час Гжегожава, пазней – Грыгішкі. Сёння там працуе буйнае вытворчае аб’яднанне цэлюлознай і папяровай прамысловасці Літвы.

15 лістапада 1962 года дзяржаўная камісія прыняла першую чаргу драбільна-сартавальнага гідрамеханізаванага завода нярудных будаўнічых матэрыялаў “Смаргонь”, які пазней вырас у адкрытае акцыянернае таварыства “Смаргоньсілікатбетон”. Каля вёскі Белае непадалёку ад Віліі быў распрацаваны пясчана-жвіровы кар’ер глыбінёй да 12 метраў. Тут, а таксама ў правабярэжным заказніку “Трылесіна”, з алювіальных (рачных) адкладаў выяўлены найбагацейшы на тэрыторыі Беларусі комплекс выкапнёвых рэшткаў костак млекакармячых, які складаецца з 25 відаў. Сярод іх мамант, выкапнёвы конь, паўночны алень, пячорны леў і іншыя.

У 2007 годзе на новым кар’еры каля вёскі Клідзеняты на глыбіне 10м. была зноў выяўлена калекцыя костак такіх вымерлых жывёл як першабытны бык або тур, паўночны алень і аднаго з сучаснікаў маманта – валасатага насарога. Толькі ён уступаў па велічыне і сіле маманту. Даўжыня цела дасягала 4м, вышыня каля 2м, а вага каля 3 тон. Масіўнае тулава, тлушчавы горб на шыі, нізка апушчанае і адносна доўгая галава, узброеная двума рагамі, надавалі люты выгляд гэтай нязграбнай раслінаеднай жывёліне. Пярэдні рог дасягаў даўжыні 80-130см пры вазе 10-15кг, а задні быў намнога карацейшы.
Знаходак костак валасатага насарога па Беларусі не так шмат. З улікам Клідзеняцкай іх усяго 26. Навукоўцы тлумачаць гэта цяжкасцямі палявання на такога звера, які, верагодна, адрозніваўся зласлівасцю і не быў статкавай жывёлай.

З красавіка 1968 года пачалося будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы для папаўнення вадой ракі Свіслач, працякаючай праз сталіцу Беларусі Мінск, якая адчувала вострую патрэбу ў тэхнічнай вадзе для прадпрыемстваў. Нараджэнне Вілейскага вадасховішча адносіцца да часу перакрыцця Віліі. Яно адбылося 8 верасня 1973 года. Дагэтуль было вынята і закладзена ў аб’екты больш 30 мільёнаў кубічных метраў грунту. На ўзвядзенне павадкавага вадаскіду закладзена больш як 40 тысяч кубаметраў жалезабетону. Даўжыня плаціны – 2,3км. Плошча люстра вадасховішча склала 64,6кв.км., аб’ём – 0,24 куб.км., сярэдняя глыбіня – 3,7м., максімальная – 13,8м., даўжыня – 27км., максімальная шырыня – 3,6км., даўжыня берагавой лініі – 137км. Уся сістэма была здадзена ў эксплуатацыю 16 студзеня 1976 года.
Вада па каналу даўжынёй у 62км з дапамогай пяці помпавых станцый, магутнасць кожнай – 23м.куб.у секунду, падымаецца на вышыню 71м. і ад г.п.Радашковічы ў Свіслач цячэ ўжо самастойна.

У 1998 годзе на галоўным вадаскідзе вадасховішча была ўведзена правабярэжная гідраэлектрастанцыя, а праз 4 гады – і левабярэжная. Агульная ўстаноўленая магутнасць яе склала 1630 кВА і на сучасны момант яна з’яўляецца самай буйнай ГЭС па выпрацоўцы электраэнергіі ў Беларусі. У год яна выдае ў энергасістэму да 10 мільёнаў кВт гадзін электраэнергіі.
У свой час невялікія ГЭС дзейнічалі на прытоках Віліі Дзвіносе, Сэрвачы, Нарачы, Вузлянцы, Рыбчанцы, Лошы, Страчы, Ашмянцы ў межах Беларусі. Некаторыя з іх , як Рачунская на Ашмянцы нядаўна аднавіла сваю работу.
На Літве пытанню аб выкарыстанні энергіі малых рэк надзяляецца значна большая ўвага. У 2005 годзе тут ужо працавала 63 ГЭС і асвоена 30 працэнтаў маючага эканамічнага гідраэнергетычнага патэнцыялу. У Беларусі ён пакуль што ў 10 разоў меншы.
Была спроба перакрыць і Нярыс. Яшчэ ў 1938 годзе ніжэй горада Немянчына пачалося будаўніцтва першай у Літве буйнай гідраэлектрастанцыі. Яе плаціна мелася быць вышынёй у 10 метраў. Аднак вайна спыніла гэту работу.

Адным са старажытных відаў гаспадарчай дзейнасці чалавека з’яўляецца і рыбалоўства, якое забяспечвала доўгі час яго пастаянным паступленнем ежы. Лавілі рыбу спачатку з дапамогай прымітыўных прылад, якія з цягам часу ўсё больш удасканальваліся, і рыбалоўства з ХIY стагоддзя становіцца промыслам. На Віліі ў вялікай колькасці сталі ўстройваць язы – загарадкі, дзе забітыя ў дно ракі калы перапляталіся паміж сабой лазой. Колькасць іх узрасла да такой велічыні, што стала вялікай перашкодай для сплаву і суднаходства. Спатрэбілася некалькі пастаноў сейма, каб ліквідаваць язы. Замест іх сталі прымяняць сеткі, падвалокі, бучы, падхваты, крыгі, трыгубіцы, браднікі, нераты, сакі, таптухі, кручковыя снасці, мадыфікацыя гарпуна – восці і іншыя, якія без істотных змен дайшлі да цяперашняга часу.
Яшчэ ў ХIХ стагоддзі Вілія была вельмі багатая на такія віды рыб як шчупак, акунь, лінь, лешч, плотка, мянтуз, язь, галавень, вугор. Ніжэй Вільні не рэдкасцю былі сом, бялуга, выразуб, ласось. Амаль па ўсёй Віліі вадзіліся ракі.
Уладальнікі некаторых маёнткаў, прымыкаючых да берагоў рэк, неаднойчы ўлічаліся ў незаконных метадах лоўлі рыбы. Так 9 кастрычніка 1886г. Адам, Іосіф і Якаў Радзевічы, Эдуард Лункевіч, Сцяпан Глябовіч, Фадзей Наркевіч і некаторыя іншыя ад імя рыбакоў Віленскай губерні звярнуліся да Віленскага, Ковенскага і Гродзенскага генерал-губернатара І.С. Каханава з просьбай на аснове дзеючых правіл абавязаць паліцэйскія ўлады па пакаранню асоб, займаючыхся драпежніцкім знішчэннем рыбы. Было названа некалькі канкрэтных адрасаў і прозвішч сапраўдных браканьераў.
Праз некаторы час высокапастаўлены чыноўнік далажыў генерал- губернатару, што рыбалоўны закол на Віліі пры маёнтку Лопа памешчыцы Тэафаніі Сакалоўскай разабраны паліцыяй.
Рыбакі таксама прасілі забараніць сялянам прымяняць позняй восенню рыбалоўныя сакі з густым палатном, устаноўка якіх у затоках пры першым лёдзе прыводзіла для лову вялікай колькасці дробнай рыбы і малька, што прыводзіла да зніжэння зарыблення ракі.

У апошнія дзесяцігоддзі колькасць рыбы ў Віліі, як і ў іншых вадаёмах рэгіёна, у выніку варварскіх метадаў і прыёмаў яе лова, зменшылася да катастрафічных памераў. Некаторыя пароды рыб ці, наогул, знікла, ці занесена ў Чырвоную кнігу. Сярод іх вусач, рыбец, ручавая стронга, звычайны харыус. Толькі прынятыя апошнім часам тэрміновыя і жорсткія меры ў адносінах да браканьераў, здольныя навесці ў гэтым пытанні парадак.
Уладальнікі берагоў ракі часта аддавалі правы рыбалоўства ў арэнду. У 1937 годзе асобныя жыхары вёсак Чапельшчына, Маркаўцы, Данюшава, засценкаў Куцькі і Стаўкі, горада Вілейкі адстайвалі свае даўняе права лавіць рыбу за папярэднюю аплату на пэўных участках вадаёмаў. Многія гаспадары Асіпавіч прад’яўлялі дакумент 1904 года, дзе паказана, што некаторыя іх асабістыя зямельныя надзелы ўключалі ў сябе каля аднаго кіламетра берага ракі Віліі і прасілі дазволіць ім там займацца рыбалоўствам.

Здаўна ў маёнтках і мястэчках, прылягаючых да Віліі, сярод рамеснікаў і сялян нярэдка сустракаліся і рыбакі. Так, згодна інвентара Маркаўскага староства 1789 года, рыбак Міхаіл Занкавіч з в.Іжа (цяпер Каралеўцы) павінен быў на працягу паўгода дастаўляць у панскі двор на адлегласць каля 50 км па 20 рыбін у месяц. У мястэчку “Смургонь” у сярэдзіне ХYII стагоддзя рыбным промыслам займаліля не толькі два рыбакі з вёсак Белае і Клідзеняты, але і ляснік Юрка з Васілевіч. Сярод цяглавыя сялян вёскі Падвілянцы Міхалішскага маёнтка ў 1683 годзе былі і чатыры сям’і рыбакоў. Яны, акрамя рыбалоўства ў рэках, разводзілі рыбу ў дворных сажалках, за што былі вызвалены ад паншчыны. Аб гэтым старажытным промысле напамінаюць застаўшыяся прыбярэжныя тапонімы – Нараты, Рыбакі, Рыбчанка, Рыбчына, Шчукі.

Вілія на працягу многіх стагоддзяў знаходзілася ў гушчыні шматлікіх гістарычных падзей, аб чым сведчаць захаваўшыяся на яе берагах старажытныя гарадзішчы, курганы, селішчы, грэбля караля Стэфана Баторыя, рэшткі знакамітых некалі сядзіб, гаспадары якіх праславіліся не толькі ў сваёй краіне, але і ў свеце.
Аб мужнасці і стойкасці нашых продкаў у барацьбе з чужаземцамі каля сцен непрыступных замкаў Вільні, Тракая, Кернова пацвярджаюць старадаўнія летапісы. Не пакідаюць абыякавымі знаёмствы з помнікамі сядзібна-паркавай архітэктуры Агінскіх у Залессі і Гануце, Смаргоні з сваёй калісьці знакамітай “мядзведжай акадэміяй” і кальвінскім зборам, помнікі дойлідства ў Данюшаве, Жодзішках і Міхалішках, самабытны Немянчын. І нарэшце Вільнюс з яго непаўторнай архітэктурай, драматычным лёсам і слаўнай гісторыяй многавекавой сталіцы адной з перадавых еўрапейскіх дзяржаў – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і сучаснай незалежнай Рэспублікі Літвы, якая ў 2009 годзе адзначыць сваё тысячагоддзе.
Славутую раку Беларусі і Літвы Вілію ўшаноўвалі многія паэты і пісьменнікі. Адзначу толькі некаторых беларускіх:

Максім Лужанін:

Галасней, жаласней,
Паплылі, загулі, заігралі
Пакручастай Вяллі
Выгінастыя хвалі.

Уладзімір Жылка:

Завулкаў сон і ціш кляшторная
Вяллі празрыстай глыбіня.


Ці Алаіза Пашкевіч (Цётка), станаўленне якой адбылося ў Новай Вілейцы і на чужыне марыла пра вяртанне туды:

Дзе пацеркай белай Вялля прабягае,
Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе.

Канстанцыя Буйло:

Дзе Вільня ў Нёман ліе свае хвалі,
Я ў сумнай задуме стаю;...

І нарэшце класік сусветнай літаратуры Адам Міцкевіч:

Нёман Вілію абыймае магутны,
Нясе на віры, у даляў прасторы,
Туліць каханку да грудзей халодных
І гінуць абое ў глыбінях мора...

 

Табліца № 1

 
год
Назва і колькасць сплаўляемых суднаў і плытоў
Кошт перавезенага
тавара
1803
7 стругаў, 7 прускіх ботаў, 278 плытоў; Няма даных
1805
21 струг, 6 віцін, 38 прускіх ботаў, 320 плытоў;           -//-
1806
23 стругі, 1 прускі бот, 82 каробкі, 136 плытоў;           -//-
1809
10 струг, 2 байдакі, 11 прускіх ботаў, 23 каробкі;           -//-
1813
У Вілейцы грузілася 16 каробак і 14 плытоў. Да Вільні прыйшлі 1124 плыты дравянога леса.        
         -//-
1814
На верхняй Віліі грузілася 8 стругаў, 1 віціна, 1 байдак, 42 каробкі і 1467 плытоў.       
         -//-
1815
Там жа грузілася 3 стругі, 3 каробкі, 74 плыты і каля 34 тысяч пагонных сажняў бярвёнаў і дроў.  
         -//-
1816
Там жа грузілася 5 стругаў, 22 каробкі, 67 плытоў. № Вільні за мяжу выйшла па Віліі 47467 пудоў пянькі, лёну і паклі, 500 – тытуню, 200 – дубільнай кары, 200 – паташа, 48 – свінной шчаціны і іншы тавар.  564286 руб. срэбрам
1818
На Віліі грузілася 17 віцін, 2 боты, 8 стругаў, 15 каробак, 452 плыты.  
1819
На прыстанях верхняй Віліі грузілася 10 стругаў, 30 каробак і 686 плытоў; 1225198 руб. срэбрам
1820
На лічычы таго, што выгружалася ў Вільні, за мяжу пайшло 8 стругаў, 23 каробкі і 447 плытоў. 1329824 руб.
1822
Грузілася за мяжу 19 суднаў і 326 плытоў.  У Вільні было выгружана 1492 плыты лесу. 653454 руб.
179035 руб.
1823
На Віліі грузілася 14 суднаў і 777 плытоў.У Вільні выгружана 4 судны, 1058 плытоў. 265773 руб.
352230 руб.
1824
Грузілася для адпраўкі за мяжу 20 суднаў і каробак, 550 плытоў.  204703 руб.
1829
6 віцін, 4 стругі, 32 каробкі;          –
1831
3 віціны, 3 каробкі, 316 плытоў;          –
1832
5 віцін, 52 каробкі, 688 плытоў;          –
1833
43 розных суднаў, 660 плытоў;          –
1838
3 судны, 343 плыты – за мяжу;У Вільню прыйшло 623 плыты дравянога лесу і 3 судны з таварам. 624625 руб.
112574 руб.
1851
Па Віліі прайшло лайб і 3 байдакі ;        –
1852
 2 берлінкі, 3 байдакі, 880 плытоў;        –
1853
3 байдакі і 1237 плытоў;        –
1854
1 лайба і 1189 плытоў;        –
1855
223 лайбы і 681 плыт;        –
1856
290 лайб, 4 байдакі і 1215 плытоў;        –
1857
9 лайб, 2 байдакі, 738 плытоў;        –
1885
77 суднаў, 1098 плытоў; 455 тыс. руб.
1886
90 суднаў, 1892 плыты; 313 тыс. руб.
1887
63 судны, 1943 плыты; 325 ты. руб.
1889
104 судны, 2709 плытоў; 462 тыс. руб.
1890
166 суднаў, 2085 плытоў; 357 тыс. руб.


 

Крыніцы і літаратура
Архіўныя крыніцы.

Занальны дзяржаўны архіў у г.Маладзечна Фонд 3, воп. 1, спр. 321.
Нацыянальны архіў Беларусі Фонд 4П, воп. 1, спр. 15898; Фонд 531, воп. 1, спр. 2.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (г.Гродна) Фонд 584, воп. 1, спр. 1951.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (г.Мінск) Фонд КМФ-19, воп. 1, спр. 3810; Фонд 145, воп. 2, спр. 186; Фонд 295, воп. 1, спр. 834; Фонд 299, воп. 1, спр. 783; Фонд 684, воп. 2, спр. 4885; Фонд 2466, воп. 1, спр. 2149; Фонд 3014, воп. 1, спр. 23.
Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (LYIA) Фонд 381, воп. 17, спр. 543; воп. 19, спр. 1353; Фонд 382, воп. 1, спр. 947; воп. 2, спр. 806, спр. 2311; Фонд 515, воп. 17, спр. 3407.
Бібліятэка Вільнюскага ўніверсітэта Аддзел рукапісей. Фонд F 23-100.


Надрукаваныя крыніцы
Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. т.8. Вильня. 1875г. т.14. Вильня. 1888г.
Акты Литовской метрики. т.1. вып. 1(1413-1498). Вильня. 1896г.
Литовская метрика. Книга 1(1380-1584). Вильнюс. 1998г. Книга 25(1387-1546). Вильнюс.1998г.

Літаратура
1.Алексеев П.В. Полоцкая земля. М. 1966г.
2.Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 3. Мн. 1971.
3.Беларуская энцыклапедыя. Т. 4. Мн. 1997.
4.Бернштэйн-Кочан С.В. Путь из варяг в греки. //Вопросы географии. Сборник. М. 1950г.
5. Буйло Канстанцыя…Коціцца рэха. Мн. 1993г.
6. Віцьбіч Ю. Плыве з-пад святой гары Нёман. Мн. 1995г.
7. Гидроэнергетические ресурсы Белоруссии. Мн. 1957г.
8. Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн. 1980г.
9.Доўнар А. Масты ў паўтара пруты. //Спадчына. 2-3/2003г.
10. Жучкевич В.А. Дороги и водные пути Белоруссии. Мн. 1977.
11.Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн. 1977.
12.Инвентари магнатских владений Белоруссии ХYII-ХYIII в.в. Владение Сморгонь. Мн. 1977.
13.Каханоўскі Г.А. Вілейка. Мн. 1974.
14.Каханоўскі Г.А. Повязь часу. Мн. 1985.
15.Кудаба Ч. Па Віліі. Мн. 1992.
16.Кіцікаў І. Валокі // Рэгіянальная газета. 1998г. 24-30 красавіка.
17.Наша Ніва. 1910г. № 31; 1911г. № 46.
18.Памяць. Астравецкі раён. Мн. 2004.
19.Памяць. Лагойскі раён. Кн. 1. Мн. 2003.
20 Памяць. Смаргонскі раён. Мн. 2004.
21.Плужников В.Н. и др. Вилейское водохранилище. Мн. 1989.
22.РRO электричество. 2007. № 3.
23.Рогач А. “Лысіна Паца” знойдзена //Шлях перамогі. 2003.12.02.
24.Сабодаш-Радько Ф., Журавлев В. Водные маршруты Беларуси. Мн. 2002.
25.Сапунов А., Друцкий-Любецкий В. Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск. 1896г.
26.Сборник историко-статистических материалов по Виленской губернии. Часть 1. Вильня. 1868г.
27.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Мн. 2002.
28.Сялянская газета. 18 мая 1949г.
29.Широков В.М., Лопух П.С. Вилейское водохранилище. Мн. 1987.
30.Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мн. 1989.
31.Эцыклапедыя гісторыі Беларусі. Тамы 1-6. Мн. 1993-2003.
32.Каліноўскі П.Ф. Падарожжа ў мінулае да “братоў нашых меншых” Мн. 1999.
33.Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu Borusowskiego … Wilno. 1847.
34.Tyszkiewicz K. Wilij i jej brzegi … Drezno. 1871.
35.Nakas A., Pruskus V. Petras Vilejsis. Vilnius. 2001.

Рогач Анатоль Валянцінавіч, кастрычнiк 2007.
начальнік Вілейскага раёна электрычных сетак, краязнаўца.

* * *

Калi паважаны чытач хоча высказаць сваё меркаванне, або хоча дапоўнiць артыкул новай iнфармацыяй цi звязацца з аўтарам даклада, калi ласка пiшыце на электронную пошту dvdn@mail.ru.

* на главную страницу сайта
* другие материалы по экспедиции "Вiлiя-Neris" 2007

кастрычнiк 2008

 

Hosted by uCoz