Истории, легенды, книги и статьи.

" Лiтоўскi камень".

З кнiгi "Бяздоннае багацце. легенды, паданнi, сказы". Склад. А.I. Гурскi.- Мн.: Маст. лiт., 1990 255 с.: iл.

 

На паўдарозе памiж Жодзiшкамi i Тупальшчынай дно Вiлii завалена каменнем. Расказваюць, што, калi езуiты задумалi пабудаваць у Жодзiшках касцёл, i iм не хапала на падмурак камення, яны пачалi прывазiць яго з ваколiц. Аднак чорт, якому касцёл быў вельмi не даспадобы, сабраў сваiх сяброў-чарцей, i рашылi яны пажартаваць: пазакiдвалi камянi ў воду. Некаторыя камянi аж на другi бок паперакiдвалi. Шчыравалi ўсю ноч, а перад самым свiтаннем, калi чорт нёс апошнi вялiкi камень, - вiдаць, хацеў зусiм завалiць рэчку, - пачало днець, заспяваў певень, i чорт упусцiў сваю ношу... на правым беразе Вiлii. Камень гэты каля трох локцяў шырынi, пяць з паловаю вышынi i па кругу локцяў пятнадцаць.

 

(...Падобную гiсторыю я чуў калiсьцi ад бацькi пра камень, якi знаходзiцца кiлометры з чатыры вышэй Жодзiшак на левым бераза Вiлii, непадалёк ад вёскi Пiльцi. Аднак, камянёў уздоўж Вяллi у нашых мясьцiнах хапае, ды i гiсторый з чарцямi таксама..... V.
Але ж, скарэй за ўсё ў гэтым выпадку iдзе гаворка пра Тупальшчынскi валун, якi знаходзiцца каля вескi Ашмянец Жодзiшкаўскага сельсавета (за 200 м ад вёскi на месцы былога засценка Тупальшчына). Валун парфiрападобнага гранiту. Абвод 7.4 м, аб'ем 8.7 куб.м., вага 23 т. )

 

але, ж, вось яшчэ адзiн тэкст пра гэты камень.

Каля вёскі Ашмянец Смаргонскага раёна праводзілася комплекснае вывучэнне культавага каменя і аднаго з размешчаных побач курганоў. Курган быў пашкоджаны самавольнымі раскопкамі школьнікаў, якія шукалі там зброю загінуўшых “у час вайны са шведамі” (паводле мясцовага падання). Дзеці знайшлі некаторыя старажытныя рэчы. Па атрыманні гэтай інфармацыі паўстала неабходнасць завяршыць даследаванне кургана паводле навуковай методыкі. Устаноўлена, што ў кургане змяшчаліся рэшткі прыблізна дзевяці пахаванняў па абрадзе крэмацыі. Апроч кавалачкаў перапаленых касцей, вуголля і попелу шмат дзе знойдзены фрагменты разбітых ці раздушаных гліняных пасудзін, частка з якіх упрыгожана арнаментам, не характэрным для славянаў.
Звычайна пры раскопках славянскіх курганоў у іх знаходзяць у лепшым выпадку кучку попелу або шкілет, гліняную пасудзіну і адзінкавыя сціплыя ўпрыгожванні. Зусім інакш было ў згаданым кургане на Смаргоншчыне. Ён літаральна перапоўнены зброяй: меч, булава, 7 баявых сякераў, 6 наканечнікаў дзідаў, шмат нажоў (у некаторых пахаваннях іх было па два), а таксама 2 галякі, 3 шпоры, колькі крэсіваў (адно разам з крэменем), каменны брусок, ключы ад замкоў, чатырохвугольныя з кропкавым арнаментам і круглыя з заклёпкамі бляшкі, спражкі. Шмат было металічных упрыгожванняў: разнастайных пярсцёнкаў (у тым ліку адзін з выявай свастыкі), бранзалетаў, абломкі вітай шыйнай грыўні, паўсферычныя бляшкі з маленькімі цвічкамі. Амулетам служыў невялікі ключык з каляровага металу. Сярод пахаванняў два былі напэўна жаночыя: у адным замест дзіды ці сякеры ляжаў серп, а ў другім адсутнасць зброі кампенсавалася большай колькасцю ўпрыгожванняў. Адно з пахаванняў належала дзіцяці ці падлетку, таму што пярсцёнак дужа малы, не было і наканечніка дзіды, хоць ляжалі сякера і два нажы.
Самай каштоўнай знаходкай з’яўляецца меч (даўжыня 95 см) — знаходка, надзвычай рэдкая для Беларусі. Захаваўся і наканечнік похваў ад яго. Мячы такога тыпу трапляюцца на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Калінінградскай вобласці Расіі, у краінах Паўночнай Еўропы. Датуецца XI—XIII ст. Як мяркуюць, цэнтры вытворчасці такіх мячоў знаходзіліся ў краінах усходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора.
Больш вузкае датаванне кургана даюць шпоры з зорачкамі: XIII—XIV ст. Такім чынам, пахаванні пакінуты ў XIII ст. балцкамоўным насельніцтвам культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, што ахоплівала абшары паўночна–заходняй Беларусі і паўднёва–ўсходняй Літвы. Вакол кургана захавалася яшчэ блізу 40 насыпаў, у асноўным меншых за раскапаны. Па знаходках можна меркаваць, што адзін з пахаваных там быў знатным воінам ці нават князем. Дагэтуль лічылася, што сярод усходнелітоўскага насельніцтва курганны абрад пахавання ў XIII ст. ужо не існаваў.
Цікава, што ўсяго за 12 метраў ад крайняга з курганоў, бліжэй да берага Вяллі, знаходзіцца буйны валун, званы “Вялікім каменем”, пра які распавядаюць розныя легенды. Адна з іх кажа, што валун пакінуты чортам, які нёс яго, каб перашкодзіць будаўніцтву бліжэйшага касцёла. Як вядома, чорт у фальклоры нярэдка ёсць хрысціянізаваным вобразам паганскага бога багацця, жывёлагадоўлі, зямных водаў і замагільнага свету (адпавядае славянскаму Вялесу). З гэтай легендай добра стасуюцца як аповеды пра схаваныя пад валуном скарбы, так і суседства могільніка. Фактычна “Вялікі камень” і курганы ўтваралі адзіны сакральны комплекс. Граф Канстанцін Тышкевіч, абследаваўшы камень у сярэдзіне мінулага стагоддзя, згадваў пра знаходку ў тайніку каля валуна скарбу з 2 каменных сякераў, а таксама выявіў два колцы авальнай каменнай абкладкі з меншых валуноў. Пры нашых даследаваннях вакол каменя культурны пласт выявіць не ўдалося, але на глыбіні каля 0,5 м адкапана частка каменнай абкладкі.
Эдвард Зайкоўскі,
  крыница - http://www.lingvo.minsk.by/~bha/06/370-375.htm

 

 

 

 

Hosted by uCoz